Belarusian English Russian
Режим для слабовидящих

Міні-EdCamp “Адукацыя 2020. Тэрмінал ідэй”



Такую назву мела рэспубліканская канферэнцыя, да якой далучыліся і настаўнікі нашага раёна.

Education Camp (EdCamp) – міжнародная ініцыятыва, якая нарадзілася ў настаўніцкім асяродку ў ЗША 2010 годзе, а ў 2017 упершыню прыйшла ў Беларусь. Эдкэмп – гэта нефармальная пляцоўка, дзе творчыя, ініцыятыўныя настаўнікі абменьваюцца практычным вопытам, ідэямі і напрацоўкамі. Галоўная мэта эдкэмпа – супрацоўніцтва з мэтай павышэння ўзроўню адукацыі і пашырэння лепшых адукацыйных практык.

22 лютага 2020 года чарговая канферэнцыя міні-EdCamp “Адукацыя 2020. Тэрмінал ідэй” адбылася ў горадзе Глыбокае. Ініцыятарамі правядзення міні-эдкэмпу ў Глыбокім сталі настаўнікі гімназіі Лідзія Раманчук і Іна Шымко.

Адкрылі міні-эдкэмп арганізатары EdCamp Belarus Анастасія і Яўген Пугач. З майстар-класамі і прэзентацыямі выступілі госці: прадстаўнік Сусветнага банка ў Рэспубліцы Беларусь, які займаецца праектамі ў сферы адукацыі і аховы здароўя, Павел Фунцікаў, выкладчык інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БДПУ імя М.Танка Міхась Кудзейка і настаўнік-метадыст гімназіі №1 г.Жодзіна Эла Якубоўская.

Цікавыя майстар-класы для ўдзельнікаў канферэнцыі правялі глыбоцкія настаўнікі Лідзія Раманчук, Ніна Пярэдня, Анатоль Гігола, Таццяна Барткевіч, Алена Нікіфаровіч, Вольга Татун, Надзея Галуза, Іна Шымко, Таццяна Абрамчык.

Пачынаючы з 2017 года эдкэмпы ўжо прайшлі ў Мінску, Брэсце, Століне, Варапаеве Пастаўскага раёна. Міні-эдкэмп у Глыбокім сабраў настаўнікаў са ўсяго Глыбокскага раёна, а таксама калег з Полацка, Шаркаўшчыны, Ушачаў. Наш рэгіён на канферэнцыі прадставілі бібліятэкар ДУА “Міёрская сярэдняя школа №3 ім. Я.А. Томка” Дзіяна Варона, настаўнік ДУА “Міёрская сярэдняя школа №2” Наталля Протас, метадыст ДУДА “Міёрскі раёны цэнтр дзяцей і моладзі” Надзея Радькова і метадыст вучэбна-метадычнага кабінету аддзелу па адукацыі Алена Летахіцкая. Мерапрыемства атрымалася насычаным новымі ведамі і цікавымі знаёмствамі.

ПС: Сэрыя міні-эдкэмпаў ладзіцца пры падтрымцы Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці USAID і некамерцыйнай арганізацыі PACT.